ХАХЛАМСКА́Я РАЗМАЛЁЎКА,

рускі нар. маст. промысел размалёўкі па дрэве. Узнік у 2-й пал. 17 ст. на тэр. сучаснага Кавернінскага р-на Ніжагародскай вобл. Назва ад с. Хахлама — цэнтра збыту вырабаў. Х.р. ўласціва арыгінальная тэхніка афарбоўкі дрэва пад залацісты колер без выкарыстання золата. Вытачаныя прадметы (пераважна посуд) грунтавалі растворам гліны, сырым ільняным алеем і парашком волава (у сучасных вырабах алюмінію), па слоі якога выконваўся расл. ўзор. Потым посуд пакрывалі лакам з ільнянога алею і загартоўвалі пры высокай тэмпературы ў печы. Каларыту Х.р. ўласціва спалучэнне чырвонага і чорнага колераў з залацістым. Пашыраныя тыпы размалёўкі — «верхавая» (чырвоным і чорным на залацістым фоне) і «пад фон» (залацісты сілуэтны малюнак на каляровым фоне). З 1960-х г. вырабляюцца на Сёмінскай ф-цы маст. вырабаў «Хахламскі мастак» (на радзіме промыслу) і Вытворчым маст. аб’яднанні «Хахламская размалёўка» ў г. Сямёнаў.

Літ.:

Красильников А.В. Золотая Хохлома. Горький, 1980;

Хохлома: Фотоальбом. М., 1980.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Хахламская размалёўка. Пудраніца. 1979.

т. 16, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)